|
|
16 мая 2008 года 11:25:00 | Сёньня дзень салідарнасьці Такія акцыі ладзяцца кожны месяц, 16-га чысла. На Кастрычніцкай плошча сабралася 60 чалавек. Абсалютна кожны трымае ў руках партрэт палітвязьня -- Андрэя Кіма, Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча, а таксама партрэтамі зьніклых грамадзкіх дзеячаў: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзьмітрыя Завадзкага. Адзін з прысутных трымае плакат: "Свабоду палітвязьням". Адна сям'я наклеіла на дзіцячы вазок партрэт Сяргея Парсюкевіча. У акцыі таксама бяруць удзел старшыня АГП Анатоль Лябедзька, прадпрымальнік Алесь Таўстыка, адзін з кіраўнікоў МФ Зьміцер Хведарук, фігуранты справы 14-ці: Алесь Чарнышоў і Міхаіл Пашкевіч. Міліцэйскі афіцэр спачатку выступіў, сказаў, каб разыходзіліся, акцыя не санкцыянаваная, маўляў, і прыгразіў ужыць сілу. Але міліцыя пакуль не ўмешваецца. Самі людзі стаяць моўчкі. Ніхто не выступае, проста трымаюць партрэты. 18:14 Спэцназ абсалютна карэктна, выцясьняе людзей у бок Палацу прафсаюзаў і далей пад цырк. Сутычак няма, ніхто не супраціўляецца. Няўдзельнікаў акцыі пускаюць у мэтро. 18:19 Людзей вядуць праспэктам у бок вуліцы Купалы. Адбываецца невялікая сутычка з Хведаруком. 18:20 Дайшлі да вуліцы Купалы. 18:22 АМАП перавёў людзей праз дарогу. І пашоў сваёй дарогай, удзельнікі акцыі - сваёй. Нікога не затрымалі. ЗП www.nn.by Сёньня Дзень салідарнасьці
Сёньня ў Менску актывісты дэмакратычных сілаў адзначаць Дзень салідарнасьці. З партрэтамі палітвязьняў яны зьбіраюцца выйсьці на Кастрычніцкую плошчу а 18-й гадзіне. Удзельнікі акцыі выкажуць таксама салідарнасьць з асуджанымі па "справе 14-ці".
А 23 траўня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачнецца суд над астатнімі фігурантамі "справы 14-ці" - Паўлам Вінаградавым, Міхасём Субачам і непаўнагадовым Максімам Дашуком. Аляксандра Баразенку, студэнта-каліноўца Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту, міліцыя абвясьціла ў крымінальны вышук.
Паводле праваабаронца Ігара Рынкевіча, ня толькі Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім зьяўляюцца палітвязьнямі, але й асуджаныя да абмежаваньня волі па "справе 14-ці":
"Гэта закладнікі рэжыму, як і Аляксандар Казулін, паколькі была задача перад парлямэнцкай кампаніяй набраць у палон дэмакратычных актывістаў, якія не баяцца ўдзельнічаць у масавых акцыях. Рэжым выканаў сваю задачу. Яны думаюць застрашыць беларускую дэмакратычную моладзь. Гэта зноў удар, ламаюцца лёсы маладых людзей. Гэта працяг палітычных рэпрэсій і ўціск на іншадумцаў у Беларусі".
Лідэр "Маладых дэмакратаў" АГП Міхаіл Пашкевіч, таксама асуджаны да абмежаваньня волі па "справе 14-ці", сказаў: "У 18.00 на Кастрычніцкай плошчы АГП і "Маладыя дэмакраты" праводзяць акцыю - ланцуг неабыякавых людзей. Вялікая ўвага надаецца і таму фактару, што 23 траўня прызначаны суд па другой частцы справы "працэсу 14-ці". Акцыя мае дзьве мэты. Першае, гэта выказваньне салідарнасьці з Кімам, Парсюкевічам, Казуліным. І таксама з хлопцамі, якіх будуць судзіць 23 траўня. Галоўнае, каб людзі выйшлі з партрэтамі. У кожнага актывіста на руках будзе ксэракопія пастановы Вярхоўнага суду за подпісам Сукалы і Міклашэвіча, дзе напісана: тое, што людзі выходзяць з партрэтамі на вуліцу ня ёсьць парушэньнем адміністрацыйна-працэсуальных нормаў".
Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч заявіў, што дзень салідарнасьці мае вялікае значэньне:
"Мерапрыемствы такога кшталту сьведчаць тым людзям, якія церпяць за праўду і справядлівасьць, што пра гэтых людзей памятаюць, што іх справа працягваецца. Безумоўна, мы далучаемся і лічым, што ў акцыях гэтага кшталту павінны ўдзельнічаць усе тыя людзі, якім неабыякава будучыня Беларусі, якім неабыякава справа беларушчыны, разумеючы, што на месцы кожнага з тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў зьняволеньні, можа апынуцца любы чалавек, які змагаецца за праўду на нашай зямлі".
Ініцыятыва праводзіць Дзень салідарнасьці ўзьнікла пасьля таго, як міліцыя 16 верасьня 2005 года разагнала акцыю памяці зьніклых апазыцыянэраў. Тады ўдзельнікі акцыі выйшлі на вуліцу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі Віктара Ганчара, Юр'я Захаранкі і Зьміцера Завадзкага. У той жа дзень моладзевы актывіст Нікіта Сасім ўзьняў джынсавую кашулю як сымбаль супраціву рэжыму ў Беларусі. Ад таго часу дзень салідарнасьці адзначаецца штомесяц 16 чысла.
Алесь Дашчынскі |
Авторизация
|