06 мая 2008 года 21:17:00 |
Казулін ня будзе падаваць у суд на Лукашэнку за "туалетную паперу"
Аляксандр Казулін адказаў на заявы Аляксандра Лукашэнкі адносна ягонай асобы, зробленыя падчас выступу ў парлямэнце са штогадовым пасланьнем.
Паводле зьвестак дачкі палітвязьня Вольгі, Аляксандар Казулін не зьбіраецца падаваць на Аляксандра Лукашэнку ў суд за зьнявагу.
З Аляксандрам Казуліным у віцебскай калёніі сустрэліся ягоныя дочкі Вольга і Юля, а таксама ўнук Уладзіслаў. Іх спатканьне доўжылася 3 дні. "Супрацоўнікі калёніі гэтым разам ставіліся да нас нармальна, яшчэ раз я пераканалася, што тата ў калёніі карыстаецца вялікім аўтарытэтам нават сярод міліцыянтаў", - сказала Вольга Казуліна.
Дачка палітыка перадала ягоныя камэнтары да выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, зробленых падчас выступу ў парлямэнце са штогадовым пасланьнем. Нагадаю, Аляксандр Лукашэнка казаў, што "Казулін нікому не патрэбны" і што яго "скарысталі, як туалетную паперу". Таксама кіраўнік дзяржавы зноў паўтарыў, што Аляксандар Казулін нібыта сам адмовіўся ад датэрміновага вызваленьня і таму застаецца ў калёніі.
"Лукашэнка, на яго думку, чарговы раз выявіў сваю сутнасьць. Між тым тата мяркуе, што прэзыдэнт ня мае права апускацца да вульгарных выказваньняў. Гэта адносна "туалетнай паперы" і "вашывай апазыцыі". На гэта тата сказаў, што яму вельмі шкада Лукашэнку і ў суд ён на яго падаваць ня будзе, бо гэта сьведчыць пра пэўны стан здароўя. У нас народ і Канстытуцыю выкарыстоўваюць як туалетную паперу" - перадала меркаваньне Аляксандра Казуліна ягоная дачка Вольга.
Паводле Аляксандра Казуліна, "апазыцыі ў Беларусі трэба аб'яднацца і далей дамагацца адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі". Экс-кандыдат на прэзыдэнта Казулін па-ранейшаму ня лічыць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Што да пазыцыі дэмакратычных краін сьвету, Аляксандар Казулін заклікаў да працягу жорсткіх санкцыяў супраць кіраўнікоў палітычнага рэжыму ў Беларусі.
Выказаўся Аляксандар Казулін і адносна дыпляматычнага скандалу паміж Беларусьсю і ЗША.
"Ніводная краіна ў сьвеце і Эўропе не дазваляе сабе гэткіх паводзінаў адносна ЗША, гэткіх скандалаў. А тое, што Аляксандар Лукашэнка ў сваёй нестабільнай сытуацыі гэта сабе дазваляе, паказвае асаблівасьці асобы кіраўніка Беларусі",- перадала словы Аляксандра Казуліна ягоная дачка Вольга. "Тата заклікаў урад ЗША не саступаць патрабаваньням яшчэ скарачаць склад амбасады, ён лічыць гэтыя патрабаваньні абсурднымі", - сказала Вольга Казуліна.
Як пачуваецца Аляксандар Казулін, які болей за год таму трымаў 53-дзённую галадоўку? "Ён кажа, што адчувае сябе здавальняюча, а больш пра здароўе казаць ня хоча. Кажа, што турма ёсьць турма і іншага тут нельга чакаць", - паведаміла Вольга Казуліна. Вось што яна сказала пра свае ўражаньні:
"Мне падалося, што ён вельмі актыўны. Гатовы да выхаду з калёніі, гатовы дзейнічаць, гатовы ўключацца ў грамадзкае жыцьцё Беларусі".
Нагадаем, Аляксандар Казулін знаходзіцца за кратамі з 25 сакавіка 2006 году. Палітыка асудзілі на 5,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. У Беларусі і сьвеце шмат хто дамагаецца вызваленьня Аляксандра Казуліна, які лічыцца палітычным вязьнем.
www.svaboda.org
Алег Грузьдзіловіч